У некалі адносна шматлюднай вёсцы Навозы цяперашняга Шчадрынскага сельсавета Жлобінскага раёна, дзе на мяжы 1950-60-х гадоў пражывала звыш 200 чалавек, сёння засталося ўсяго чатыры пастаянных жыхара. Але раз у год, у адзін з летніх дзён, вёска ажывае – сюды з розных куткоў былога Савецкага Саюза прыязджаюць ураджэнцы гэтага населенага пункта. Вось і сёлета ў канцы жніўня тут сабралася каля сарака чалавек, для каго Навозы з’яўляюцца малой радзімай.
Асаблівасцю цяперашняй такой сустрэчы землякоў стала ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, прысвечанага роднай вёсцы. Адзін з арганізатараў мерапрыемства цяперашні жыхар Мазыра, маёр МУС у адстаўцы Станіслаў Каліноўскі журналісту «Новага дня» паведаміў:
– Вялікі камень мы даставілі з Бабруйскага раёна. А на ім замацавалі шыльду, на якой напісалі: «Вёска Навозы заснавана ў 1844 г. Месца Навозы вядома з 1639 г.». Справа ў тым, што дакументальна пацверджана, што ў 1844 годзе Мінскі губернатар афіцыйна даў дазвол на заснаванне в. Навозы. Але сама мясцовасць пад такой назвай, зноў жа па дакументам (зямельным) – Пякаліцкага староства часоў Рэчы Паспалітай, вядома з 1639 года.
Удзельнікаў мерапрыемства вітаў старшыня Шчадрынскага сельскага Савета дэпутатаў Юрый Краўцоў. Блаславіў адкрыццё памятнага знака святар Аляксандр Каліноўскі, родны брат вышэй згаданага Станіслава Каліноўскага.
Ксёндз Аляксандр узначальвае каталіцкі прыход у Казахстане. Але штогод прыязджае на малую радзіму, пераадольваючы ў адзін толькі бок звыш трох тысяч кіламетраў.
Перад землякамі выступілі і падзяліліся сваімі ўспамінамі аб роднай вёсцы старэйшыя сёння ўраджэнцы Навозаў – заслужаны работнік прамысловасці Беларусі, былы генеральны дырэктар Мінскага ААТ «Матавела» Анатолій Сцяпанавіч Язвінскі, ветэран МУС, маёр у адстаўцы Анатолій Паўлавіч Петухоў. Удзел у мерапрыемстве таксама прымаў ураджэнец суседняй вёсцы Успалішча, прафесар, краязнаўца Яўген Леанідавіч Савіч, які мае родзічаў з Навозаў.